Напярэдадні Дня беларускага пісьменства да нас у школу была запрошана беларуская пісьменніца і спявачка Людміла Шчэрба – вядучы літаратурны рэдактар "Беларускага гістарычнага часопіса".
Сустрэча дала магчымасць навучэнцам пазнаёміцца з цікавай і надзвычай творчай асобай. Госця ні на хвіліну не давала дзецям сумаваць. Распавядаючы пра свой жыццёвы і творчы шлях, Людміла Шчэрба знаёміла прысутных са сваімі вершамі, спявала песні ў суправаджэнні гітары, праводзіла віктарыну. Актыўныя слухачы і гледачы на працягу мерапрыемства атрымлівалі салодкія прызы.
У сваю чаргу, дзеці адорвалі Людмілу кветкамі і гарачымі апладысментамі. Яны прыемна ўразілі госцю: не толькі актыўна адказвалі на пытанні, а нават зачытвалі ўласныя вершы на беларускай і рускай мовах.
Напрыканцы сустрэчы пісьменніца падарыла юным паэтам свае кнігі і, канешне, пакінула кожнаму аўтограф, пажадаўшы плёну ў творчых пошуках.
Будзем чакаць новых сустрэч з гэтым цудоўным чалавекам– прыгожай і абаяльнай жанчынай, таленавітай пісьменніцай і спявачкай, шчодрай на прыемныя сюрпрызы і шчырыя ўсмешкі.



